На поле непадалёк ад Лебядзёўкі трэці дзень запар курсіруе зернеўборачны камбайн. Кукуруза тут вырасла такая, што з-за яе бачна толькі верх бункера ды частка кабіны камбайна.
– Нядрэнны ўраджай, – расказвае старшы камбайнер Васіль Ярмоленка. – У актыве ўжо каля 100 тон гэтага, без перабольшвання, залатога зерня. Добра і тое, што надвор’е стаіць сухое: культура добра абмалочваецца.
Суразмоўнік перасеў на камбайн недзе на экватары ўборачнай кампаніі. Кажа: захварэў сваяк, прыйшлося браць на асноўнай рабоце водпуск і дапамагаць гаспадарцы. Нягледзячы на гэта ён з памочнікам Андрэем Варганавым увайшоў у кагорту тысячнікаў, а потым некалькі дзён дапамагаў «Уцеўскаму» абмалочваць грэчку.
– Амаль без перапынкаў працуем, – працягвае ён. – З поля прыехалі, прыстаўку памянялі, адну сетку знялі, і зноў – у поле. Кукурузнае.
Галоўны аграном гаспадаркі Данііл Рудзянок ураджаем таксама задаволены. Кажа: магло быць і больш, але для такога надвор’я і 60 цэнтнераў з гектара – амаль рэкорд.
– Каля 400 тон зерня плануем закласці ў рукавы, – дзеліцца ён. – Будзе жывёле добрая дабаўка да рацыёну. Астатняе высушым, каб быў запас.
На зерне ў гэтым годзе ў «Калінінскім» пакінулі ўсяго 100 гектараў кукурузы. Астатняя і сёння ўбіраецца на сілас. Паралельна вядуцца сяўба азімай пшаніцы, падрыхтоўка да трэцяга ўкосу траў. Мяркуючы па ўсім, кармоў гаспадарка плануе нарыхтаваць з запасам.
Источник: vdobrushe