Адна з іх – Анастасія Слаўкіна. Сядзець за настаўніцкім сталом ды пісаць планы заняткаў – гэтая навука для ўраджэнкі аграгарадка Бабовічы Гомельскага раёна яшчэ ў навінку.
– А сцены РЦДА мне звычныя, нават родныя, – усміхаецца дзяўчына. – Сюды маленькай хадзіла за руку з бабуляй. Можа, ведаеце яе? Людміла Слаўкіна. Майстар ствараць прыгажосць. Ад яе ў мяне цяга да рукадзелля і малявання.
Вучоба ў Гомельскім дзяржаўным каледжы дызайну і камп’ютарнай графікі дапамагла дзяўчыне перавесці яе ўменні на прафесійны ўзровень.
Таму, калі настаў час размеркавання, Анастасія прыслухалася да парад родных. І выбрала Добруш.
– Кватэрнае пытанне ў мяне не ўзнікла: пасялілася ў бабулі, – расказвае суразмоўніца. – З калектывам яшчэ знаёмлюся, але ўсе такія ветлівыя, дружалюбныя. Прыемна, што так цёпла сустракаюць.
З асаблівым хваляваннем мастак-настаўнік чакае маленькіх вучняў. Уяўляе, як пройдуць першыя заняткі, як дапаможа дзеткам асвоіць лепку з пластыліну, халоднага фарфору, як зробяць першыя вырабы з папяровай пластыкі.
– Вельмі таленавітая дзяўчына, – з гонарам у голасе «рэкламуе» маладое папаўненне дырэктар РЦДА Іна Хныкава. – Рада, што да нас прыходзяць такія крэатыўныя кадры. У добры шлях!
Источник: vdobrushe