31 июля 2024

Работнікі Шабрынскага лясніцтва прыбіраюць масіў пасля ўрагану

Па словах ляснічага Андрэя Данчанкі, задачай нумар адзін пасля непагадзі было пазбаўленне ад зламаных дрэў і галін уздоўж дарог.

– З гэтым мы справіліся тэрмінова, – гаворыць суразмоўнік. – Цяпер займаемся суцэльнымі санітарнымі рубкамі.Да ліквідацыі наступстваў шквальнага ветру далучылі і ўсе тэхнічныя магчымасці. Мясцовы харвестар з першага дня пасля навальніцы не прастойваў ні разу.Каб пабачыць, чым сёння займаюцца работнікі Шабрынскага лясніцтва, паглыбляемся ў масіў непадалёк ад вёскі Дубовы Лог. Спачатку сустракаем на шляху трактар-пагрузчык. А ўжо пасля, з зялёнай глыбіні, чуем гук. Тут шчыруюць Ігар Казакоў і Аляксандр Наркевіч. Гудуць бензапілы, ляцяць трэскі.– Крыжуем ад 10 да 25 кубаметраў драўніны ў дзень, – кажа тандэм вальшчыкаў. – Паламала лес добра, але нямала і адзінкавых дрэў на павал. Прарэдзіла і асіннік, і хвойныя пароды. Але ніводнай галіны не адправіцца ў смецце.Гэта пацвердзіў і Андрэй Данчанка. Па яго словах, частка піламатэрыялаў адправіцца на склады, іншую рэалізуюць насельніцтву.Нягледзячы на тое што ўраган «пагуляў» у раёне лічаныя хвіліны, кажа суразмоўнік, яго наступствы работнікі лесу працягнуць прыбіраць яшчэ некалькі месяцаў.

Источник: vdobrushe