Узначаліў работу намеснік прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч. У пасяджэнні штаба прымаюць удзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, прадстаўнікі КДК, профільных ведамстваў.
Віктар Каранкевіч нагадаў, што работы па распрацоўцы буралому і ачыстцы даступных лясных насаджэнняў на Гомельшчыне павінны завяршыцца да 1 сакавіка. Нельга забываць і пра санітарна-аздараўленчыя рубкі.
Суцэльныя і санітарныя рубкі ў Гомельскай вобласці практычна завершаны. Наступствы ўрагану ліквідаваны, засталася толькі невялікая работа, якая да канца тыдня будзе завершана. Пра гэта расказаў Аляксандр Кулік.
Па словах кіраўніка ведамства, даабследаванне ляснога масіву вялося на рэгулярнай аснове, выяўленыя недахопы аператыўна ліквідаваліся. На тэрыторыі вобласці нераспрацаванымі застаюцца толькі цяжкадаступныя ўчасткі і тэрыторыі, дзе рубкі забаронены.
Ліпеньскім ураганам у 2024 годзе на тэрыторыі Гомельшчыны было знішчана больш за 36 тысяч гектараў лясных насаджэнняў, з іх амаль 17 тысяч гектараў распрацавана суцэльнымі санітарнымі рубкамі. Акрамя таго, вецер аслабіў карэнішчы іншых дрэў, у сувязі з чым з верасня мінулага года па гэты час лясгасамі было выяўлена яшчэ больш за 18 тысяч паваленых насаджэнняў.
Лічбы назваў старшыня аблвыканкама Іван Крупко:
– Нашы лесагаспадарчыя аб'яднанні працягваюць з поўнай самааддачай працаваць над лесааднаўленнем. Дапамагаюць ім і жыхары рэгіёна. Увосень у Гомельскай вобласці ў пасадцы лесу ўдзел прынялі 29,5 тысячы чалавек.
Сумеснымі намаганнямі высаджана 4400 гектараў лесу.
Губернатар выказаў упэўненасць, што ў рамках акцыі «Дай лесу новае жыццё!» гэтай вясной колькасць добраахвотных памочнікаў у леснікоў вырасце ў разы.