Старшыня аблвыканкама Іван Крупко акцэнтаваў увагу на абнаўленні Лельчыц да дажынак, а таксама на добраўпарадкаванні гарпасёлка Стрэшын у Жлобінскім раёне.
Прыкласці руку абавязаны кожны
У ходзе падрыхтоўкі гарпасёлка Лельчыцы да абласных дажынак запланаваны комплекс работ у райцэнтры: рамонт вулічна-дарожнай сеткі, жылых дамоў, інжынерных сетак, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, стварэнне рэкрэацыйных зон, дзіцячых і спартыўных пляцовак, парковак, веладарожак, элементаў безбар'ернага асяроддзя. У плане больш за 180 аб'ектаў. Цяпер актыўна прапрацоўваюцца крыніцы фінансавання.
Як падкрэсліў Іван Крупко, пры правядзенні работ важна выкарыстоўваць гумавую крошку – гэтага будматэрыялу ў рэгіёне дастаткова. Асобную ўвагу таксама варта надаць сістэме асвятлення.
Маштабнае абнаўленне закране ўвесь Лельчыцкі раён. Плануюцца рэканструкцыя аб'ектаў АПК, рамонт аўтадарог, у тым ліку ў невялікіх населеных пунктах. Будуць актывізаваны і меліярацыйныя работы.
Па словах губернатара, трэба больш актыўна прыцягваць людзей на добраахвотных пачатках. Так ці інакш, да ператварэння малой радзімы павінны прыкласці руку ўсе грамадзяне.
Чым зеляней, тым лепш
Плануецца таксама абнаўленне Стрэшына ў Жлобінскім раёне. Апроч відавочнай рэнавацыі вулічна-дарожнай сеткі і жылога фонду, у гарпасёлку рэканструююць водаправодныя камунікацыі. Знясуць шэраг пабудоў. Зробяць акцэнт на азеляненні.
Іван Крупко запатрабаваў звярнуць увагу на прыватныя жылыя дамы, якія часам не трапляюць у праекты. Неабходна, напрыклад, заняцца агароджамі (рамонт, афарбоўка, замена), выканаць задачу не пазней за май.
Як водзіцца, рэканструкцыі падлягаюць усе ключавыя сацыяльныя і гандлёвыя аб'екты гарпасёлка, у тым ліку школа, дзіцячы садок, пасялковая бальніца, шэраг сельскагаспадарчых адзінак.
Спецыялізаваную тэхніку задзейнічаюць для расчысткі меліярацыйных каналаў. У парадак прывядуць мясцовую крыніцу – славутасць Стрэшына. Абновяць яшчэ адзін турыстычны аб'ект – экалагічную сцежку.
На суботнікі і пасільную дапамогу мясцовых жыхароў таксама асаблівы разлік.
Падобныя прынцыпы і падыходы, падкрэслілі на нарадзе, будуць прымяняцца і пры добраўпарадкаванні іншых населеных пунктаў рэгіёна.
У рамках нарады таксама адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласной спартакіяды сярод работнікаў гаррайвыканкамаў.
Даручэнне губернатара
Старшыням гар- і райвыканкамаў, кіраўнікам адказных службаў – больш актыўна прыцягваць грамадзян да правядзення работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, праводзіць акцыі і суботнікі.