14 Люты 2025

Жывапісцы ДФЗ ствараюць асаблівыя сувеніры да Дня жанчын

На стале майстра ручной работы Святланы Берлінай – дзясяткі пэндзлікаў, шкляначак з вадой ды адзін бялюткі кубачак. Усяго некалькі ўзмахаў робіць жывапісец – і на глянцавым баку посуду «вырастае» першая кветка. Потым другая, трэцяя…

– На тое, каб перанесці гэты малюнак на выраб, мне патрэбна каля паўгадзіны, – расказвае работніца з 30-гадовым стажам. – Вось рыхтуем падарункі на 8 Сакавіка. Раслінныя матывы – тыповы сюжэт для сакавіцкіх сувеніраў. Класіку любяць многія пакупнікі. А мне складана сказаць, якая карцінка лепей. У кожным дызайне ёсць штосьці непаўторнае. Тут контур золатам патрэбен, тут – адводка кобальтам ці плацінай. І, як паказвае практыка, кожную рэч знаходзіць свой чалавек.

Хоць большасць посуду на фарфоравым заводзе дэкаруюць пры дапамозе дэколей і спецыяльнага прынтара, традыцыю ручной работы плануюць захоўваць.

– Больш за тое, многія экскурсанты, што трапляюць да нас, жадаюць самастойна распісаць кружку ці талерачку на памяць, – гаворыць намеснік дырэктара Сяргей Васкаўцоў. – Каб даць ім такую магчымасць, зараз участак ручной работы мадэрнізуем. У кожнага майстра будзе новае месца з асаблівым асвятленнем і ўсім неабходным. Побач з’явіцца куток для майстар-класаў з доўгім сталом і лавамі.

Каб размясціць сотні вырабаў-узораў, у цэху збіраюць новую сістэму вітрын. Некалькі дзясяткаў шафаў напаўняюць посудам старых і новых калекцый. Так у фарфарыстаў перад вачамі заўжды будуць прыклады для работы, а ў экскурсантаў – унікальная фотазона.

Крыніца