На думку стварыць цяпліцу будучага вучняў 11-га, інжынернага, класа наштурхнула картка тавару з папулярнага маркетплэйса.
– Гэта быў «жывы» гаршчок для кветак, – расказвае капітан каманды Ягор Печанеў. – Нас зацікавіла магчымасць уласнаручна сканструяваць аўтаномную сістэму жыццезабеспячэння для раслін. Каб было зручней назіраць за працэсам росту зеляніны, мы зрабілі макет невялікага фармату. Такі лёгка можна разабраць і сабраць без складаных прыстасаванняў, без дапамогі спецыяліста.
Як тлумачыць настаўнік рабят, педагог Іван Валюшэнка, над работай для абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці «ТэхнаІнтэлект» яны шчыравалі некалькі тыдняў.
– Гэта былі не дзве-тры сустрэчы. Падлеткі літаральна жылі гэтай ідэяй. Штодзень збіраліся, каб абмеркаваць канструкцыю макета, знайсці неабходныя элементы для зборкі і зрабіць гатовы праект, – распавёў суразмоўнік. – Пластыкавыя панэлі, дэталі камп’ютара ды іншыя падручныя матэрыялы знайшлі хутка. Наш макет можа свяціцца, падтрымліваць унутры аптымальную для раслін тэмпературу і вільготнасць. Нават ажыццяўляць аўтапаліў.
Журы конкурсу высока ацаніла работу дабрушан: гімназісты сталі трэцімі. Іван Валюшэнка гаворыць: на гэтым праца з іх міні-цяплічкай не спыніцца. Да канца года юных кулібіных чакае яшчэ некалькі інтэлектуальных спаборніцтваў рэгіянальнага ўзроўню. Таму, магчыма, зусім скора ў праекта з’явяцца новыя функцыі. Хлопцы плануюць, што іх раслінам стануць не страшныя пустазелле ды дрэнныя глебы. Канчатковы рэзультат намаганняў каманды Івана Валюшэнкі пабачыць журы конкурсу «Індустрыя 4.0», што адбудзецца ў Гомельскім дзіцячым тэхнапарку ў маі.