27 Верасень 2024

Абрад і песні пад гармонік. Этнавечарына "Жаніцьба коміна" збярэ знатакоў старадаўнасці ў Гомелі

Этнавечарына "Жаніцьба коміна" збярэ знатакоў аўтэнтычнасці ў Гомелі 30 верасня, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на арганізатараў.

У філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава нагадалі, што гэты аўтэнтычны абрад звязаны з пераносам агню (святла) з вуліцы ў дом. "З гэтага часу пачыналіся вячоркі. На вуліцы рана цямнее, становіцца холадна, таму ўсе работы пераносіліся ў дом - там і цяплей, і комін свеціць", - растлумачылі арганізатары.

У гэты вераснёўскі вечар удзельнікі абраду змогуць далучыцца да спрадвечных беларускіх традыцый. У праграме - абрадавыя дзеянні з гарбузом, мёдам, збожжам, песні і танцы пад гармонік, традыцыйныя беларускія гульні, жарты і забавы.

Арганізатары запрашаюць усіх жадаючых далучыцца да добрай традыцыі і, праявіўшы кулінарныя таленты, сумесна накрыць святочны стол. Лічыцца, што так увесь год будзе шчаслівым ва ўсіх. Вітаюцца любыя пачастункі, у тым ліку яечня, пірагі, бліны, варэнікі, стравы з бульбы, каўбаса, сыр, цукеркі, пячэнне і інш.

Пачатак абрадавага дзейства ў 16.00 у філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Гомелі.

БелТА