На адкрыцці творчага форуму намеснік прэм'ер-міністра зачытаў прывітанне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі арганізатарам, удзельнікам і гасцям VIII Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый "Кліч Палесся".
У размове з журналістамі Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што кожны год з ранняй вясны да позняй восені ў рэспубліцы праходзяць фестывалі. "Іх больш за сотню ў нашай краіне", - канкрэтызаваў ён. У ліку знакавых творчых форумаў намеснік прэм'ер-міністра назваў міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар", рэспубліканскае свята "Купалле" ("Александрыя запрашае сяброў"), а таксама шэраг іншых фестываляў.
"Гэта лінія кіраўніка дзяржавы, што мы павінны наш культурны код захоўваць, развіваць нашы спрадвечныя традыцыі, якія сілкуюць", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Паводле яго слоў, дзякуючы такім фестывалям, як "Кліч Палесся", у кожнага ёсць магчымасць адчуць непаўторны каларыт знакамітай, аб'яднанай, дружнай паляшуцкай сям'і.
"Мы бачым, як захоўваюцца нашы славутыя рамёствы - кавальская справа, ткацтва, саломапляценне, бондарства і іншыя", - дадаў Ігар Петрышэнка.
Звярнуў ён увагу і на тое, што з году ў год усё больш і больш моладзі прыязджае на фестываль "Кліч Палесся".
Цікавасць маладых пакаленняў да традыцый, звычаяў пацвярджаюць і знакамітыя майстры, якія сёння актыўней пачалі працаваць. "У іх па 20, па 40 вучняў з'яўляецца. Гэта значыць яны свой талент майстра перадаюць маладому пакаленню, прывіваюць любоў менавіта да нашага, нацыянальнага", - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.
"Па даручэнні Прэзідэнта мы прынялі на ўзроўні ўрада адпаведную канцэпцыю, якая вызначае развіццё нашай культурнай прасторы. Мы павінны захоўваць яе і ўсяляк прапагандаваць. Там (у канцэпцыі. - Заўвага БЕЛТА) шэраг напрамкаў, якія гавораць нам аб тым, што мы павінны сапраўды спрадвечную беларускую лінію, якая падсілкоўвае кожнага з нашых людзей, захоўваць, прымнажаць і перадаваць будучым пакаленням", - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" традыцыйна праходзіць раз у два гады ў маляўнічым аграгарадку Ляскавічы. Падзея нацэлена ў тым ліку на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, умацаванне творчых сувязей.