03 Кастрычнік 2023

«Беларуснафта» гатова рэалізаваць экспартны патэнцыял асвоенай тэхналогіі Zipper Frac

"Беларуснафта" гатова рэалізаваць экспартны патэнцыял перадавой тэхналогіі Zipper Frac, якую асвоілі на беларускіх радовішчах. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Дзяніс Вараб'ёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларуснафта" першай у СНД прымяніла перадавую тэхналогію Zipper Frac. Паводле слоў Дзяніса Вараб'ёва, працэс развіцця ў кампаніі пастаянны, пры гэтым па ўсіх напрамках. "І за апошнія гады шмат што зроблена для здабычы нафты з пункту гледжання сэрвісных магутнасцей. Пастаянна вывучаем новыя тэхналогіі і мадэрнізуем іх непасрэдна пад нашы ўмовы, са сваім бачаннем, сваімі падыходамі. Так, ёсць унікальныя рэчы, якія робім упершыню. Рынак патрабуе абмену вопытам і ведамі", - падкрэсліў ён.

Сёння асноўныя запасы вуглевадародаў у Беларусі - цяжказдабываемыя. "Сур'ёзная работа і маштабны падыход геалагічнага корпуса фактычна даюць другое жыццё нашым радовішчам. Мы бачым патэнцыял прыросту запасаў і разумеем, што можам рабіць яшчэ больш, развіваемся тэхналагічна", - растлумачыў Дзяніс Вараб'ёў.

Так, тэхналогія Zipper Frac накіравана на цяжказдабываемыя запасы вуглевадародаў. "Таму яна перспектыўная для тых рэгіёнаў, у тым ліку і ў Расійскай Федэрацыі, дзе будуць займацца распрацоўкай нетрадыцыйных запасаў. Калі наш вопыт будзе цікавы калегам, то з задавальненнем перавядзём яго ў экспартны патэнцыял", - абазначыў ён.

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.

БелТА