19 Люты 2024

На Добрушчыне адкрываецца ўсё больш аграсядзіб

Навошта турыстам выбіраць для адпачынку Добрушскі раён? Чым наш край можа здзівіць падарожнікаў? Як правесці вольны час у раёне з максімальнай карысцю для здароўя і душэўнага задавальнення? Пра гэта мы пагаварылі з загадчыкам сектара спорту і турызму райвыканкама Валерыем БЕЛАЎСКІМ.

- Валерый Яўгенавіч, чаму сям'я адпускнікоў, да прыкладу, з Гомеля, павінна выбраць адпачынак у нашым раёне?

- Па-першае, у нас ёсць тры разнапланавыя аграсядзібы. Адна з іх адкрылася літаральна месяц таму. Сям'я захацела ўладкаваць у вёсцы месца, дзе можна «перазагрузіцца» ад бытавой руціны і праблем. Незвычайныя домікі і лазневы комплекс – гэта цікава, модна і адпавядае запытам турыстаў з Беларусі і Расіі, якія часцей за ўсё адпачываюць на Добрушчыне.

- Якімі хочуць бачыць аграсядзібы патэнцыйныя адпачывальнікі, каб вяртацца сюды зноў?

- Камфортнымі і ўладкаванымі. Таму добрушскія ўладальнікі месцаў адпачынку імкнуцца пастаянна паляпшаць базу: будуюць альтанкі і вогнішчы, закупляюць настольныя гульні, лыжы і наборы для бадмінтона.

Ведаю, што нашы комплексы папулярныя і ў мясцовых жыхароў. Часцей-як пляцоўкі для адпачынку на выхадных, для святкавання дзён нараджэнняў, вяселляў.

- А калі людзі прыехалі здалёк і хочуць даведацца Добруш лепей? Чым здзівім?

- Патэнцыял раёна добры. Паломнікам пакажам жаночы манастыр у Карме і месцы, дзе нарадзіўся і жыў Святы Іаан Кармянскі. Заўзятыя рыбаловы з задавальненнем парыбачаць на азёрах у Лявонцьева, Завідаўцы. І паляванне ў нас выдатная. Аматараў прамысловага турызму чакаюць на фарфоравым заводзе, адкуль ніхто з наведвальнікаў не сыдзе без сувеніра .. увогуле, у нас край разнастайны, самабытны.

А экскурсавод Пётр Філон, які стаў лепшым у прафесійным конкурсе «Пазнай Беларусь», праводзіць экскурсіі па зоне адсялення. Вось у мінулую суботу сям'я з Курскай вобласці прыязджала спецыяльна, каб паглядзець гэтыя ўнікальныя месцы.

- Уражвае! Значыць аграсядзіб у раёне павінна станавіцца больш?

– Адназначна. Тым больш што працэдура рэгістрацыі нескладаная. Будучаму ўладальніку трэба звярнуцца ў службу «Адно акно», дзе ім усё растлумачаць і дапамогуць. Галоўнае, каб уладальнікі гэтых аб'ектаў былі гасціннымі.