08 Лістапад 2023

Няма лепш спадарожніка, чым памяць: у Добрушы ўрачыста адзначылі 106-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка

Ля помніка правадыру пралетарыяту сабраліся кіраўніцтва раёна, члены раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў горада, маладыя добрушане.

Атмасфера святочная, адчуваецца, што людзей аб'ядноўвае павага да гераічнага мінулага Радзімы.

З імем Кастрычніцкай рэвалюцыі мы звязваем многія перамогі і здзяйсненні нашага народа, гаварылася ў прывітанні да ўдзельнікаў мітынгу. Сёння Беларусь ідзе ўласным шляхам развіцця, здабываючы важныя ўрокі з мінулага.

- Шанаваць гісторыю сваёй краіны-наш абавязак, - адзначыла ў сваім выступленні першы сакратар райкама БРСМ Надзея Бакіева. - Мы пастараемся ўзяць з мінулага ўсё лепшае, захаваць яго і прымножыць.

Намеснік дырэктара Добрушскай папяровай фабрыкі Аляксандр Мартынаў нагадаў гараджанам важныя падзеі ў развіцці горадаўтваральнага прадпрыемства, звязаныя з паслярэвалюцыйнымі падзеямі. Гэта, напрыклад, прысваенне фабрыцы назвы «Герой працы», узнагароджанне ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Яркім момантам урачыстасці стала выкананне добрушскімі салістамі песні-сімвала кастрычніка.

З яе фінальным акордамі да падножжа помніка Уладзіміру Леніну ляглі пунсовыя гваздзікі і рознакаляровыя хрызантэмы. Добрушане памятаюць!