28 Ліпень 2025

Самы малады памочнік камбайнера працуе ў агракамбінаце «Новы шлях»

У Максіма Кавалёва сёлета адбылося адразу некалькі важных падзей. У студзені яму споўнілася 18 гадоў, нядаўна ён скончыў Добрушскі каледж, атрымаў вадзіцельскія правы і здзейсніў запаветную мару – стаў памочнікам камбайнера ў экіпажы бацькі Леаніда.

– Тэхніку люблю з дзяцінства, – прызнаецца хлопец. – Але закон не дазваляе працаваць непаўналетнім на камбайне. Некалькі гадоў праводзіў лета на зернетаку, зарабляў грошы на вучобу і з зайздрасцю глядзеў на бацьку з маці: яны ў адным экіпажы прыбіралі хлеб. Рады, што ў гэты раз змагу сам стаяць на мосціку.

Павіншаваць Максіма з пачаткам кар'еры камбайнера на мехдвор гаспадаркі прыехалі парламентарый Юлія Волкава, кіраўнік раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Вольга Мельнікава, кіраўнік раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Алеся Шасцерыкова.

– У дэпутаты мяне вылучала менавіта гэтая партыя, – звярнулася да маладога памочніка Юлія Волкава. – Ты таксама выбраў працу і, упэўнена, справядлівасць. Так што мы ў нечым падобныя. Думаю, станеш годнай зменай свайму бацьку ў будучыні і не раз узыдзеш на п'едэстал пераможцаў-тысячнікаў.

Для экіпажа Кавалёвых старт уборачнай прайшоў на палях азімага ячменю. У іх актыве ўжо амаль паўтысячы тон намалочанага зерня. З пачаткам масавай уборкі яравых і рапсу, упэўнены яны, запаветную тысячу намалаціць будзе няцяжка. Дапамогуць ім у гэтым падарункі гасцей – рэчы, патрэбныя менавіта камбайнерам.

Яндекс.Метрика