Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
19 лютага 2020

У Беларусі ў 2020 годзе плануецца пабудаваць 135 тыс. кв.м жылля, якое будзе ацяпляцца электрычнасцю


Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. У Беларусі ў 2020 годзе плануецца пабудаваць 135 тыс. кв.м жылля, якое будзе ацяпляцца з дапамогай электрычнасці. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Мінбудархітэктуры Вольга Верамей.
Паводле яе інфармацыі, усяго ў краіне ў гэтым годзе запланавана ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн кв.м жылля. У тым ліку ў кожнай вобласці і сталіцы разгорнецца будаўніцтва шматкватэрных дамоў, дзе электраэнергія будзе выкарыстоўвацца для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы. Так, плануецца пабудаваць 135 тыс. кв.м такога жылля, з іх у Мінскай вобласці - 37,8 тыс. кв.м, у Брэсцкай - 22 тыс. кв.м, Гомельскай - 16,3 тыс. кв.м, Гродзенскай - 14 тыс. кв.м, Магілёўскай - 12,3 тыс. кв.м, Віцебскай - 11,3 тыс. кв.м. У Мінску на гэты перыяд намечана будаўніцтва 21,3 тыс. кв.м жылля, што будзе ацяпляцца электрычнасцю.
Работа над рэалізацыяй пастаўленых задач і планаў ужо вядзецца, пачынаецца праектаванне такіх дамоў. "Электрадамы ў першую чаргу мэтазгодна будаваць там, дзе адсутнічаюць традыцыйныя сістэмы цеплазабеспячэння або іх магутнасць недастатковая, а значыць, няма магчымасці падключэння да яе. Аднак у любым выпадку, перш чым прымаць рашэнне наконт будаўніцтва дома, які будзе ацяпляцца з дапамогай электраэнергіі, вывучаюцца тэхнічныя магчымасці і ўмовы, каб вызначыць, наколькі гэта эканамічна мэтазгодна", - растлумачыла Вольга Верамей.
"Наша мэта - даць магчымасць спажыўцу атрымаць той прадукт, які ў перспектыве будзе запатрабаваны. У краіне ўводзіцца атамная электрастанцыя і плануецца, што рэсурсы, якія будуць пастаўляцца, будуць па больш нізкіх тарыфах у параўнанні з цеплавой энергіяй. На кошт квадратнага метра гэта таксама не павінна паўплываць. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб кошт жылля з прымяненнем электраэнергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння не быў даражэйшы. Што датычыцца кошту эксплуатацыі электрадамоў, чакаецца, гэта будзе супастаўна або нават танней, чым эксплуатацыя звычайнага дома", - адзначыла начальнік упраўлення. Да таго ж, цяпер у міністэрстве плануецца распрацоўка методыкі, якая дасць магчымасць пры выкананні праектнай дакументацыі ацэньваць затраты на працягу ўсяго жыццёвага цыкла будынкаў. Гэта значыць, можна будзе падлічыць не толькі кошт капітальных затрат па праекце, але і кошт будучай эксплуатацыі і наступнай утылізацыі дома.
Гаворачы аб планах электрадомабудавання, Вольга Верамей паведаміла, што на гэты час у краіне фарміруецца праграма такога будаўніцтва на 2021-2025 гады. "Цяпер да нас паступае інфармацыя з усіх абласцей. Патрэбнасць у такім жыллі ёсць, ёсць і зацікаўленасць. Такія віды дамоў, якія плануецца эксплуатаваць на электрычнасці, і да таго ж з высокімі характарыстыкамі энергаэфектыўнасці, будуць запатрабаваны. А наша работа над гэтым праектам - гэта ўклад у будучыню", - падкрэсліла начальнік упраўлення.-0-

Да спіса навін